ТЭГЕРА́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1943,
нарада кіраўнікоў урадаў Вялікабрытаніі (У.Чэрчыль), ЗША (Ф.Рузвельт) і СССР (І.В.Сталін) 28.11—1.12.1943 у г. Тэгеран у 2-ю сусв. вайну; 1-я сумесная сустрэча лідэраў 3 вядучых краін антыгітлераўскай кааліцыі. Праходзіла пры ўдзеле дыпламат. і ваен. прадстаўнікоў 3 дзяржаў. Абмяркоўваліся пераважна пытанні каардынацыі ваен. дзеянняў супраць нацысцкай Германіі і яе сатэлітаў, а таксама праблемы супрацоўніцтва і забеспячэння трывалага міру пасля вайны. Прынята рашэнне аб адкрыцці ў Еўропе другога фронту ў маі 1944 (аперацыя «Оверлорд»), Каб дапамагчы гэтаму, СССР абавязаўся арганізаваць вял. наступленне на Усх. фронце Сав. дэлегацыя прынцыпова пацвердзіла згоду пасля заканчэння вайны ў Еўропе ўступіць у вайну супраць Японіі. Вырашана перадаць абмеркаванне пытання аб пасляваен. расчляненні тэр. Германіі на разгляд Еўрап. кансультатыўнай камісіі. Папярэдне прадугледжана ўстанавіць пасляваен. межы Польшчы па лініі р. Одэр (на З) і па «Керзана лініі» (на У). 1.12.1943 падпісаны выніковыя дакументы канферэнцыі — Дэкларацыя трох дзяржаў (зацвердзіла дасягнутыя дамоўленасці па ваен. пытаннях) і Дэкларацыя аб Іране (абвясціла аб імкненні захаваць незалежнасць, суверэнітэт і тэр. недатыкальнасць Ірана). Т.к. садзейнічала ўмацаванню супрацоўніцтва гал. дзяржаў антыфаш. блока і ўзгадненню планаў ваен. дзеянняў супраць Германіі.
Кр.: Тегеран—Ялта—Потсдам: Сб. док. 3 изд. М., 1971.
Літ.:
Сталин. Рузвельт, Черчилль. Де Голль: Полит. портреты. Мн.,1991.
У.Я.Калаткоў.
т. 16, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)